ЯДАВІ́ТЫЯ РЫ́БЫ,
рыбы, якія маюць у арганізме рэчывы, таксічныя для інш. відаў жывёл. Каля 500 відаў. Маюць асобыя залозы, якія выпрацоўваюць яд, ці змяшчаюць ядавітыя рэчывы ў некат. тканках цела. Напр., у марскіх дракончыкаў, ці рыб-змеек, на жаберных накрыўках ёсць доўгія вострыя шыпы з раўчукамі, у аснове якіх знаходзяцца ядавітыя залозы. Пры ўколе шыпам залозістыя клеткі разрываюцца і па раўчуках яд трапляе ў рану. У скарпенавых рыб залозы злучаны з шыпамі на плаўніках. Ядавітай бывае ікра некат. рыб (вусача, марынкі), сываратка крыві (напр., вугра, мурэны, скатаў). Пры выдаленні з рыб частак, якія маюць ядавітыя рэчывы, іх мяса ядомае.
т. 18, кн. 1, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)